СЕЙСМАЎСТО́ЙЛІВАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА, антысейсмічнае будаўніцтва,
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, здольных процістаяць сейсмічным уздзеянням пры землетрасеннях, захоўваючы свае эксплуатацыйныя якасці. Па 12-бальнай шкале сейсмічна небяспечным для будынкаў і збудаванняў лічыцца землетрасенне інтэнсіўнасцю 6 балаў, на ўчастках з сейсмічнасцю больш за 9 балаў буд-ва, як правіла, не дапускаецца.
Сейсмаўстойлівасць збудаванняў забяспечваецца выбарам спрыяльнага ў сейсмічных адносінах месца (пляцоўкі) для буд-ва (для гэтага карыстаюцца спец. сейсмічнымі картамі), распрацоўкай найб. рацыянальных канструктыўных і планіровачных схем збудаванняў, выкарыстаннем адпаведных матэрыялаў і буд. канструкцый. Сейсмічныя нагрузкі на збудаванні вызначаюцца залежна ад сейсмічнасці раёна буд-ва, характару і інтэнсіўнасці руху грунту пры землетрасенні, канструкцыйных асаблівасцей збудавання (памераў у плане, працягласці, вышыні, паверхавасці і інш).
т. 14, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)